Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць
Цэнтрвльная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі запрашае 18 снежня 2018 г. у 15.00 на прэзентацыю зборніка «Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць». (Выпускі І–ІІІ)
Зборнік «Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць» выдаецца з 2014 г. На сёння выйшла тры тамы матэрыялаў (2014, 2016 і 2018 гг.), якія адлюстроўваюць гісторыю беларускага і заходнееўрапейскага пратэстантызму.
Трэці выпуск «Евангельскай Царквы Беларусі» – вынік правядзення ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць (Мінск, 9 снежна 2017 г.)”, прысвечанай 500-годдзю Рэфармацыі і 500-годдзю беларускай Бібліі. Абодва гэтыя юбілеі шырока адзначаліся ў Беларусі на працягу 2017 г.
У гэты выпуск увайшлі артыкулы беларускіх і замежных аўтараў, якія прадстаўляюць Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларсукі дзяржаўны ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, Базельскі ўніверсітэт, Інстытут гісторыі Літвы, Універсітэт Казіміра Вялікага ў Быдгашчы, Мінскую багаслаўскую семінарыю Саюза ЕХБ у Беларусі, Тэалагічны інстытут ХВЕ (г. Мінск), Вышэйшую баптысцкую тэалагічную семінарыю ў Варшаве і інш.
У тамах зборніка асвятляюцца важныя старонкі гісторыі беларускай і еўрапейскай Рэфармацыі, Бібліі Ф.Скарыны, а таксама Пратэстанцкай Царквы Беларусі. Увазе чытача прапануюцца як біяграфічныя даследаванні, так і панарамныя гістарычныя агляды пэўных перыядаў у гісторыі пратэстантызму. Закранаюцца пытанні міжканфесійных адносінаў, сувязяў пратэстатаў з беларускім нацыянальным рухам, сучаснага развіцця пратэстанцкіх цэркваў у Беларусі і многае іншае.
Да мерапрыемства прымеркавана выстава кніг з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. На ёй прадстаўлены прыжыццёвыя выданні М. Лютэра і Ф. Меланхтона, багаслоўская праца малавядомага пратэстанцкага пісьменніка Мікалая Сельнэчэры з Лейпцыга, творы Эразма Ратэрдамскага, Біблія Марціна Лютэра (1675) і інш.
Запрашаем усіх жадаючых у інфармацыйна-выставачны цэнтр ЦНБ НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15).