Прэзентацыя кнiгi

Евангельскія хрысціяне Беларусі: пяць стагоддзяў гісторыі (1517 – 2017 гг.)

Прэзентацыя адбудзецца 5 верасня 2019 г. у Тэалагічным інстытуце ХВЕ па адрасе: Мінск, вул. Гурскага, 48, аўдыторыя 324. Пачатак у 16.00.

Манаграфія “Евангельскія хрысціяне Беларусі: пяць стагоддзяў гісторыі (1517 – 2017 гг.)”, якая выйшла пад грыфам Тэалагічнага інстытута хрысціян веры евангельскай, з’яўляецца вынікам сумеснай працы доктара гістарычных навук Уладзіміра Навіцкага, доктара філасофіі і доктара тэалогіі Сяргея Паднюка, кандыдата гістарычных навук Наталлі Балтрушэвіч і галоўнага архівіста Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Людмілы Івановай.

Рэцэнзентамі даследавання выступілі акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Міхась Касцюк (1940 2019) і доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Вабішчэвіч.

Кніга ўнікальная не толькі тым, што гэта першая ў беларускай навуцы манаграфія, прысвечаная гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі, але і сваім комплексным падыходам да вывучэння гісторыі евангельскага хрысціянства ў нашай краіне. Так, напрыклад, гісторыя беларускага пратэстантызму паказана на фоне гісторыі іншых хрысціянскіх канфесій Беларусі: праваслаўных і каталікоў.

Аўтары дадзенага навуковага даследавання таксама паказалі рэлігійную палітыку розных дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі Беларусі.

Чытачы гэтай гістарычнай кнігі знойдуць на яе старонках інфармацыю па гісторыі канкрэтных памесных цэркваў практычна ўсіх евангельскіх дэнамінацый – ад кальвінскіх збораў XVI ст., і цэркваў Вялікага евангельскага прабуджэння 1920-х – 1930-х гг., да сучасных беларускіх евангельскіх цэркваў. Вельмі важна, што аўтары і выдаўцы манаграфіі змясцілі ў кнізе імянны паказальнік. Таму для чытача не складзе цяжкасці хутка адшукаць на якіх старонках грунтоўнага, амаль 500-старонкавага выдання, змешчана інфармацыя пра таго ці іншага пастара, служыцеля і іншых гістарычных асоб.

Асобна трэба адзначыць наяўнасць у кнізе ілюстрацый. Уся гісторыя Евангельскай Царквы Беларусі прадстаўлена вялікай колькасцю малюнкаў і фотаздымкаў. Тут і рэдкія выявы пратэстнцкіх збораў эпохі Рэфармацыі, і фотаздымкі будаўніцтва малітоўных дамоў у 1920-я гг., цэлая галерэя служыцеляў за 500 год служэння евангельскіх цэркваў на беларускай зямлі. Ёсць таксама фатаграфіі хрышчэнняў, зробленыя ў розныя часы, выявы хрысціянскіх выданняў і інш.

Можна з поўнай перакананасцю сказаць, што гэта кніга, вартая таго, каб заняць пачэснае месца ў бібліятэцы кожнай беларускай хрысціянскай сям’і, а яе чытачоў чакае шмат цікавых адкрыццяў.

Наши контакты

  • dummy(017) 276-16-76

  • dummy+375 29 2333332 (Viber)

  • dummy(017) 272-94-67

  • dummyinfo@theology.by

  • dummyFacebook

  • dummyул. Гурского, 48, г. Минск, Беларусь, 220052

Наша рассылка

Введите свой email для получения нашей рассылки