Евангельскія навучальныя ўстановы правялі сумесную навукова-практычную канферэнцыю

Мінская багаслоўская семінарыя Саюза ЕХБ і Тэалагічны інстытут ХВЕ правялі V міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць”.

Навуковы форум прайшоў на базе Мінскай багаслоўскай семінарыі 4 снежня 2021 г. і сабраў на адной пляцоўцы вядомых у Беларусі і за яе межамі даследчыкаў гісторыі беларускага пратэстантызму.

У ходзе працы канферэнцыі было агучана і абмеркавана 17 навуковых дакладаў, якія прадставілі навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і іншых навукова-даследчых устаноў. Па онлайн сувязі ў канферэнцыі прынялі ўдзел замежныя даследчыкі. Увазе ўдзельнікаў навковага форуму была прадстаўлена кніжная выстава з шэрагам рэдкіх біблейскіх выданняў у беларускім перакладзе.

У гэтым годзе навуковая канферэнцыя “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць” была прысвечана 100-годдзю Вялікага евангельскага прабуджэння ў Брэсце і 90-годдзю выдання першага перакладу на сучасную беларускую мову Новага Запавету і Псальмаў. Зыходзячы з юбілейных датаў, у фокусе ўдзельнікаў канферэнцыі было служэнне берасцейскага пастара Лукаша Дзекуць-Малея (1888 1955). Яму быў прысвечаны пленарны даклад пастара мінскай царквы ХВЕ “Ян Прадвеснік” Антонія Бокуна і дзве прэзентацыі тэматычных выданняў, якія пабачылі свет у 2021 г. Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша прэзентаваў факсімільнае ўзнаўленне Евангелля паводле Лукі ў перакладзе Л. Дзекуць-Малея і А. Луцкевіча, якое выйшла ў бібліятэчным выдавецтве. Гісторык Андрусь Унучак прадставіў зборнік артыкулаў “Лукаш Дзекуць-Малей: пастар, які працягнуў справу Скарны”.

На адкрыцці канферэнцыі з прывітальнымі словамі выступілі рэктар Мінскай багаслоўскай семінарыі, епіскап Леанід Міховіч і рэктар Тэалагічнага інстытута ХВЕ, епіскап Сяргей Паднюк. Пасля прывітальных словаў прысутныя ў канферэнцыйнай зале пачулі гукі скрыпкі Л. Дзекуць-Малея, якую яго нашчадкі перадалі Брэсту на 1000-годдзе горада ў 2019 г.

Праца канферэнцыі праходзіла па 2-х секцыях. Тэматыка агучаных дакладаў ахапіла практычна ўсю гісторыю Евангельскай Царквы Беларусі ад XVI да ХХІ ст. Удзельнікі і слухачы канферэнцыі маглі даведацца падрабязную інфармацыю пра метрычныя кнігі пртаэстанцкіх родаў Беларусі, біяграфію Андрэя Волана і грамадска-палітычныя погляды Крыштафа Дарагастайскага.

Цікавыя абмеркаванні выклікалі даклады пра гісторыю царкоўнай рады Мінскай евангельска-лютаранскай парафіі, біяграфіі беларускіх нацыянальных дзеячаў пратэстантаў Гальяша Леўчыка і Антона Неканды-Трэпкі, а таксама пра нелегальнае распаўсюджванне Бібліі на тэрыторыі Беларусі ў савецкія часы. У рамках працы канферэнцыі была даволі добра прадстаўлена гісторыя Вялікага евангельскага прабуджэння 1920-х – 1930-х гг. у Заходняй Беларусі, агляд рэлігійнай літаратуры, якой карысталіся беларускія евангельскія вернікі ў ХХ ст., гісторыя евангельскага руху на Пухавіччыне ў 1991 – 2021 гг. і многае іншае.

З заключным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся старшыня Саюза ЕХБ, рэктар Мінскай багаслоўскай семінарыі Леанід Міховіч, які павіншаваў усіх прысутных з Божым Нараджэннем і абвясціў, што наступная навукова-практычная канферэнцыя “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць” запланавана на 2 снежня 2023 г. і пройдзе ў Тэалагічным інстытуце ХВЕ.

христианская научная конференция

 

Наши контакты

  • dummy(017) 276-16-76

  • dummy+375 29 2333332 (Viber)

  • dummy(017) 272-94-67

  • dummyinfo@theology.by

  • dummyFacebook

  • dummyул. Гурского, 48, г. Минск, Беларусь, 220052

Наша рассылка

Введите свой email для получения нашей рассылки