Выйшла поўная Біблія на беларускай мове
Выйшла поўная Біблія на беларускай мове ў перакладзе пастара Антонія Бокуна
Напярэдадні свята Божага Нараджэння ў духоўным жыцці Беларусі адбылася знакавая падзея — пабачыў свет поўны пераклад Бібліі на беларускую мову з моваў арыгінала. Гэтую працу ажыццявіў пастар Антоні Бокун, перакладаючы Стары Запавет з іўрыта, а Новы Запавет — з грэчаскай мовы. Біблію ў перакладзе А. Бокуна выдаў Саюз евангельскіх хрысціян баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь. Выданне атрымалася аб’ёмным — 1762 старонкі тэксту, але тонкая папера, удала абраны фармат і добра чытэльны шрыфт робяць кнігу зручнай для карыстання.
Пераклад біблейскіх тэкстаў заняў, як сведчыць сам перакладчык у прадмове, 12 гадоў, з 2011 да 2023 гг. Апроч уласна біблейскага тэксту і прадмовы перакладчыка, у выданні змешчана “Прадмова доктара Францыска Скарыны з Полацку да ўсёй Бібліі на беларускай мове”. А замест пасляслоўя аўтар перакладу падае гісторыю беларускіх перакладаў Бібліі, з якой чытач даведваецца, што “на сённяшні дзень беларусы маюць у друкаваным выглядзе 4 пераклады поўнай Бібліі і 10 перакладаў усяго Новага Запавету”.
Важнасць гэтага перакладу цяжка перабольшыць. Пачынаючы ад княгіні Рагнеды і князя Ізяслава, беларуская культура фармавалася пад уплывам біблейскіх тэкстаў. Залаты век Беларусі звязаны з перакладчыцкай і выдавецкай працай Францыска Скарыны і Васіля Цяпінскага. А беларускае адраджэнне ХХ ст. немагчыма ўявіць без перакладу і выдання біблейскіх кніг, якое ажыццявілі Лукаш Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч. Нельга не прыгадаць таксама выданні перакладаў поўнай Бібліі ХХІ ст. аўтарства Васіля Сёмухі і Уладзіслава Чарняўскага. Біблію ведалі і раблі адсылкі да яе ў сваіх творах Янка Купала і Якуб Колас, Кузьма Чорны і Уладзімір Караткевіч і многія іншыя беларускія творцы.
Велізарны поспех выставы “Беларусь і Біблія”, якая прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў 2018 г., пераканаўча сведчыць, што цікавасць да Слова Божага — частка духоўнай і культурнай ідэнтычнасці беларусаў. Пераклад пастара Антонія Бокуна дае магчымасць кожнаму зацікаўленаму асабіста пазнаёміцца з Бібліяй, якая ёсць Словам Бога, звернутым да чалавека і народа.
Біблію ў перакладзе Антонія Бокуна магчыма атрымаць бясплатна ў Мінскай багаслоўскай семінарыі Саюза евангельскіх хрысціян баптыстаў (г. Мінск, вул. Райніса, 6) або ў Тэалагічным інстытуце хрысьціян веры евангельскай (г.Мінск, вул. Гурскага, 48).
У электронным выглядзе Біблію па-беларуску можна чытаць праз мабільныя прыкладанні YouVersion і MyBible, а таксама праз сайты www.bible.by, www.biblia.by, www.biblija.by.
Андрусь Унучак